#I З шумам бораў, ясакораў, Ой, гаю, ой, гаю, На жалейцы-дабрадзейцы Думку дум зайграю. Ой, зайграю, запытаю, За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне Сэрца маладое? Ці у маці я дзіцяцей Ня быў, не хаваўся? Ці замала уздыхала, Як зь ёю прашчаўся? Ці ніколі ня меў долі У чужой хаціне, Ці я ў полі ня меў волі Пры чужой скаціне? Ці мо\\’ сілы, Божа мілы, Калі не хапала, Як з сахою ці з касою Ваюю, бывала?.. Ці ж то гэта, там, празь леты, Як умру з надзеяй, Мае косьці ў дзікай злосьці Вецер не разьвее? Не разьвее, не расьсее, Каб і сьлед ня ўзьняўся, То гаротны і маркотны Па сьвеце бадзяўся? Эх, жалейка-дабрадзейка, За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне Сэрца маладое?
#II Я ня пушчаю сьпяваю Песьні-казкі аб Дунаю, Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, – А пад грушаю пахілай, Што над бацькаўскай магілай, Граю толькі на жалейцы. Я ня звон, што час нам ліча I на веча праўду кліча, Хоць-та сэрца звонам б’ецца, – А па шчасьці пахаваным, Над ракою, пад туманам Граю толькі на жалейцы. Я ня вецер вольны, спраўны, Што пяе свабодай слаўнай, Хоць-та сэрца к славе рвецца, – А ў цянётах павучыных, На расстайных пуцявінах Граю толькі на жалейцы. Не на гусьлях звонкіх баю Аб забраным недзе краю, Хоць-та сэрца к гусльям рвецца, – А на спасьвеным узгорку, Углядаючыся ў зорку, Граю толькі на жалейцы. Я ня гром, што сьветы крыша I людзям законы піша, Хоць-та сэрца громам б’ецца, – А паціху, чуць чуваці, У чужой забыты хаце, Граю толькі на жалейцы. Граю, граю і чакаю Ўсходу сонца з-за Дунаю, Калі мора ўскалыхнецца, Калі песьню, гімн вясёлы Нашым нівам, нашым сёлам Я зайграю на жалейцы.
[1906–1911]
|
|