РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На жалейцы

#I
З шумам бораў, ясакораў,
      Ой, гаю, ой, гаю,
На жалейцы-дабрадзейцы
      Думку дум зайграю.
Ой, зайграю, запытаю,
      За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
      Сэрца маладое?
Ці у маці я дзіцяцей
      Ня быў, не хаваўся?
Ці замала уздыхала,
      Як зь ёю прашчаўся?
Ці ніколі ня меў долі
      У чужой хаціне,
Ці я ў полі ня меў волі
      Пры чужой скаціне?
Ці мо\\’ сілы, Божа мілы,
      Калі не хапала,
Як з сахою ці з касою
      Ваюю, бывала?..
Ці ж то гэта, там, празь леты,
      Як умру з надзеяй,
Мае косьці ў дзікай злосьці
      Вецер не разьвее?
Не разьвее, не расьсее,
      Каб і сьлед ня ўзьняўся,
То гаротны і маркотны
      Па сьвеце бадзяўся?
Эх, жалейка-дабрадзейка,
      За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
      Сэрца маладое?

 

#II
Я ня пушчаю сьпяваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
            Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, –
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькаўскай магілай,
            Граю толькі на жалейцы.
Я ня звон, што час нам ліча
I на веча праўду кліча,
            Хоць-та сэрца звонам б’ецца, –
А па шчасьці пахаваным,
Над ракою, пад туманам
            Граю толькі на жалейцы.
Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
            Хоць-та сэрца к славе рвецца, –
А ў цянётах павучыных,
На расстайных пуцявінах
            Граю толькі на жалейцы.
Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
            Хоць-та сэрца к гусльям рвецца, –
А на спасьвеным узгорку,
Углядаючыся ў зорку,
            Граю толькі на жалейцы.
Я ня гром, што сьветы крыша
I людзям законы піша,
            Хоць-та сэрца громам б’ецца, –
А паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаце,
            Граю толькі на жалейцы.
Граю, граю і чакаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
            Калі мора ўскалыхнецца,
Калі песьню, гімн вясёлы
Нашым нівам, нашым сёлам
            Я зайграю на жалейцы.

 
[1906–1911]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.