РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родны край
Сонца заходзіць... На вежах кляшторных
скрозь загараюцца тысячы зорных
              зырка-чырвоных агнёў...
Хораша... Сэрца ж міжвольна імкнецца
ў край, што яшчэ харашэйшым здаецца,
              родны, найлепшы з краёў.
Там... Там усё быццам так, а іначай
хваляй у сэрца ліецца гарачай,
              там... Там усё мне мілей:
сіняе, сіняе неба бясконца,
шчыра вясёлае, яснае сонца,
              далеч бязьмежных палей.
Там, там у гожыя, цёплыя ранкі
песьняю срэбнай вітаюць жаўранкі
              першыя пробліскі дня,
песьняю будзяць ціхія лагчыны,
дзе яшчэ пасмам густым, цёмна-сінім
              сонна калышацца ймгла.
Сонца расу там усьмешкаю сушыць,
вецер там краскі калыша, варушыць,
              хваляй плыве па лугох,
хвоек зялёных шумяць верхавіны,
ў жаху адвечным трапечуць асіны
              ў змрочных, гушчарных барох.
Вёсны там... Пешчы нясьмелыя сонца
будзяць жыцьцё пакрысе у старонцы,
              робіцца неба сіней,
вецер крыніцай пад небам плюскоча,
нешта зямлі веснавое шапоча,
              звоніць, пяе ў лагчыне.
Леты там... Хвалі па жыце лунаюць,
колер зялёны на срэбны мяняюць,
              срэбны на сіні, сівы...
Сьцежкай вузкой у жытох заблудзіцца –
золатам можна накрыцца, заліцца:
              жыта – вышэй галавы.
Восень там... Постаці жоўтых бярозаў,
ліст, парудзелы ад першых марозаў,
              скрозь пад нагамі шуміць,
плавае зь лёгкаю хваляю ветру,
срэбрам блішчыць у празрыстым паветры
              ніць, павучыная ніць...
Зімы там... Песьні дзікія завеі,
ночы глухія, у небе лілеі –
              краскі сьцюдзёныя зор,
бор, што прыбраны у сьнежныя шаты,
высіцца пышны, магутны, багаты,
              топчачы сьценяў узор...
Вёскі там... Мох, саламяныя стрэхі,
чырвань рабін у садку для пацехі,
              студня з даўгім жураўлём,
куст недацьвілай, апалай паўрожы,
крыж учарнелы ў канцы раздарожжы,
              дах ад дажджу над крыжом.
Вечарам травеньскім тут, на растані,
людзі пяюць, адмаўляюць літаньні,
              кленчаць на цёплай зямлі...
Кленчаць, а сонца за вёскай зьнікае,
ніткай густой, залатой падтыкае
              крыж, і людзей, і палі...
Верай магутнаю, сьветлаю сілаю
вее над гэтай грамадкай пахілаю,
              надзіць прыгожасьцяй май...
Нават адзін абразок гэткі ў полі –
й сэрца цябе не забудзе ніколі,
              родны мой край!
 
1924, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.