РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вячорнаю парою
Вечар неба фарбуе ў гарачыя тоны,
чыстым золатам густа залоціць рабіны,
і здаецца паветра густым і зялёным,
бы вада у вазёрах, зялёных ад ціны.
 
Гаснуць косы на вежах гатыцкіх касьцёлаў,
запаляючы шыбы дзіўнымі агнямі.
Зоры –
                вочы малых засмучоных анёлаў –
мігацяць у хмурынах, парваных над намі.
 
Час таёмны – ня ноч, ані дзень, калі сьцені,
сьцені ночы зьліваюцца з косамі сонца,
калі хочацца раптам устаць на калені
і стаяць так, бяз руху, маўкліва, бясконца...
 
Ў гэты час аджывае у думках старое,
ўспамінаюцца даўныя сэрца хваробы...
                I так лёгка душою – вячорнай парою –
зразумець сьвету сумы, сумлевы й жалобы!
 
1924, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.