РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зіма
У абыймах дзіўнога спакою
сьпіць палёў неабсяжны прастор...
Зноў на шыбах мастацкай рукою
тчэ зіма далікатны узор.
Зноў сінее зімовая далеч,
зноў зяленяцца змрокі, як лёд,
і гарыць пурпуровай эмаляй
нежывы і халодны заход...
А нядаўна, здаецца, учора,
на блакітных палотнах нябёс
ткалі шоўкам зялёным узоры
маладыя галіны бяроз,
пахла мёднай ліпой у паветры,
дыхаў пешчай гарачаю змрок,
і зьмяталі вячорныя ветры
пыл з распаленых сонцам дарог...
Так нядаўна, учора, здаецца,
хоць мяцеліца сяньня мяце
і на сэрца жывое кладзецца
пыл лядзяны гусьцей а гусьцей.
 
1933, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.