РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ціша
Ціха... Між клёнаў бязьлістых
туліцца змрок надвячорны.
Месяц сьцюдзёны і чысты
выплыў у небе прасторным.
Сьцішаны сьпевам мяцеліц,
дзень дапаліўся вятраны,
сінімі робяцца белі
даляў чужых і нязнаных.
Сумна... дадзела праменнасьць
зыркіх зімовых заходаў.
Хочацца нейкай адмены,
неперажытых прыгодаў.
Хочацца летніх палудняў,
палкасьці й золата ніваў,
звону чмялёў – перагудаў,
сьмелых, гарачых парываў...
Дзе ж там!
                        Між клёнаў бязьлістых
дзень дапаліўся зімовы.
Месяц сьцюдзёны і чысты
выплыў у небе ліловым...
 
1933, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.