РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вячорная часіна
Дрыжаць над вадою вячорныя сьцені
дзіўною, няўхопнай, бадай, чарадой,
і моўчкі хінуцца старыя вярбіны
ў бясслоўнай малітве вячорнай часіны,
часіны натхненьня – над соннай вадой.
А захад згарае у зьменных адценьнях
прадзіўнае фарбы шыпшынна-жывой,
і пылам ружовым здаюцца аблокі,
што таюць бязьмежнай, бязьмернай, далёкай –
як цяг пакаленьняў – нябёс пуціной.
Так ціха... Не, штосьці дрыжыць і сьпявае,
сьпявае наўкола, ўгары, над зямлёй...
Мо рэчныя хвалі шасьцяць у вярбінах,
мо конікаў песьня зьвініць несупынна,
мо вецер гуляе зь вярбінкай малой?
I рэчныя хвалі пяюць малітвенна,
і конікі звоняць нямоўкна мяжой,
і вецер шасьціць у галінах вярбінаў, –
ці ж дзіва, што чар перадночнай часіны
расьцьвіў палыменна ўва мне й нада мной?
 
1933, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.