РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ноч
Згас у хмарах заход прамяністы,
і ўзьняла ноч паволі павекі,
варажыць узялася ўрачыста,
уваходзячы ў бору засекі:
«Ад бяссонных пакутаў распачы,
і ад вусьцішы чорнай паўночнай,
ад сьпякоты гарачага плачу,
ад паглядаў нядобрых, урочных,
ад сноў-мараў, што могуць прысьніцца,
ад злых думак, гаркіх а зрадлівых, –
я краплю бор халоднай расіцай.
Адгані сум, лес-бор шапятлівы,
не ківайце, калматыя хвоі,
чорнай пражаю тонкіх галінаў:
белы месяц усходзіць вышою,
заглядае у змрочнасьць лагчынаў,
і туман ручніком белатканым
ужо сьцелецца нізка і роўна...
Не шасьцеце ж аб страхах нязнаных,
незгаданых, як доля, бясслоўных».
Шэпча ноч і кідае расою,
навакола кідае ўрачыста...
 
Там, высока, за хмар паласою,
згас, датлеўшы, заход прамяністы.
 
1933, Хэлмна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.