РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Восень у гаі
Ціха восень да ймшы пахавальнай
жаўтатканы дыван расьсьцілае
на дне ціхай, вільготнай лагчыны.
Ціха восень да ймшы пахавальнай
паліць жоўтыя сьвечкі у гаі –
ўсё бярозкі малыя, асіны...
Сіняй хваляй клубяцца туманы
і правідным, пахучым кадзілам
спавіваюць пажоўклыя дрэвы...
Сумнай песьняй, няўхопнай а знанай,
песьняй-жальбай забытых магілаў
лес заводзіць, пануры, зжаўцелы...
А у тон яму вецер высока
штось шапоча ў бязьлістых каронах,
мо літаньні да яснага сонца,
мо малітвы да сіняў глыбокіх,
да вясьняных жывых перазвонаў
ў неабсяжнай нябёснай старонцы...
 
1936, Равіч.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.