РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На адвітаньне
Будзь шчасьліва, дзяўчынка, ў нядолі,
Хай пацеха цябе міне!
Мне з табой жыць ня суджана болей, –
Гоніць доля адгэтуль мяне.
 
Будзь шчасьліва, дзяўчынка-галубка!..
Не крыўдую на гордасьць тваю, –
Ня чуў ласкавых слоў з тваіх губкаў,
Ходь так шчыра любіў і люблю.
 
Усё пекла я зьведаў каханьня,
Усе мукі яго скаштаваў,
А ўсю радасьць і рай мілаваньня
Недруг вырваў, спаганіў, стаптаў.
 
Я так шчасьця на сьвеце знаў мала
I прывету ня знаў ад людзей, –
Цябе ўбачыў – і весела стала,
I ты стала за ўсё мне мілей.
 
Як слуга, як нявольнік, табе я
Так стараўся служыць, дагадзіць!
Так любіў цябе шчыра, з надзеяй,
Што ўзаемнасьцю будзеш плаціць.
 
Ты ж, дзяўчынка, за гэтую дружбу
Не жалела мяне анічуць, –
За прывет мой, за любасьць, за службу
Слова ласкі ня ўмела шапнуць.
 
Эй, дзяўчынка, дзяўчынка, сьвет відзе
Усю праўду, няпраўду усю,
I хто знае, ці часам ня прыйдзе
Слушны дар за нядолю маю.
 
Будзь шчасьліва, дзяўчынка! Любіся
З тым, хто толькі зьняславіў цябе,
І, пазнаўшы ману ўсю, ня гніся,
Бо тады ўжо ня жыць лепш табе.
 
Мяне, знаю, дзяўчынка, забудзеш, –
Ці ж на памяць слуга зарабіў?
Але хоць мо і верыць ня будзеш,
Цябе першую я так любіў.
 
Яшчэ раз будзь шчасьліва, дзяўчынка,
Хоць ня лёгка нам шчасьце спаткаць!
Я ж адзін, як над рэчкай вярбінка,
Буду жыць і цябе ўспамінаць.
 
I на памяць, што ў сэрцы мне ўскрэсьне,
Чым я жыў так і мучыўся чым,
Злажу самую лепшую песьню
Аб табе і каханьні тваім.
 
1907
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.