РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Асеньняя дарога
Золата, мосяж і медзь сонца дакоўвае раньнем,
не раскуе толькі ймглы, што спавіла сенажаць...
Зноў напілася зямля соннага зельля туманаў
і у рудое рызьзё лісту зарылася спаць.
Крокам, нага за нагу, цішу разблытваюць коні.
Зорная шрэнь апляла шыю, і грыву, й клубы.
Вецер у шкляным гальлі мерзлых шыпшыньнікаў звоніць.
Не адгукаецца даль, сытая жоўтай сяўбы...
Ціша асеньняга дня, йржавая пустка наўкола...
Цяжка даць веры,
                                        што сьвет душыць за горла вайна,
цяжка даць веры,
што ён аж захлынаецца болем,
чорнай гарачай крывёй,
мусіць цярпець і канаць!
Так,
        разбадзялася сьмерць,
люба ёй зрэзваць калосьсе,
ляскаць клыччом,
                                        вылупляць ямы вачэй без павек.
Ды не скасіць ёй жыцьця,
нат чалавека ня скосіць, –
ён –
          несьмяротны, як сьвет.
Сьвет ёсьць, дык ёсьць чалавек!
А пакуль ёсьць чалавек –
                                                        можна з крыві і руінаў
веліч ідэяў снаваць, найпрыгажэйшых за ўсё,
можна натхнёна гарэць за чалавецтва... і гінуць,
каб на руінах жыцьця зноў красавала
                                                                                  жыцьцё!
 
1941, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.