РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Краіне
350
Прысьвячаецца ўсім зьняволеным

 
Днём, што ціснуўся ў зморы да крат,
і да скону гатоваю ночай
вашы крокі гадамі дзяўблі,
узьдзіралі халодны бетон...
Заціскаўся ў бясьсільлі кулак,
прагна ў краты ўзіраліся вочы,
разам зь вершам зрываўся, канаў
над астрожнаю юрцай
                                                  праклён.
Вёсны кідалі вам на вакно,
на жалезныя йржавыя краты
зырка-сіняга шоўку малы,
недарэчна малы шкумяток,
лета ліпла кашуляй да цел,
сьпёкай горла сьцінала зацята,
восень –
                  сыпала ў шыбы, ў душу
алавяны атручаны шрот.
Белым пылам чарэмхаў, ігруш
на вас вечар вясновы ня веяў,
цёплы вецер ня песьціў рукой
па гарачым твары, валасох...
Некаторых – сібірскай пульгой
замяла назаўсёды завея,
іншых зноў,
                          як сабак, без крыжа,
жвіраваты прысыпаў пясок...
Нат і тым,
                      што пяялі ўсяго
пра асеньнія жоўтыя раньні,
ткалі сінія вершы аб тым,
як расой асыпаецца ймгла, –
у бяскрайных палынных стэпох
успамінам краіны каханай
сотні дзён,
сотні дзікіх начэй
давялося душу калыхаць!
Хто вярнуўся, хто не...
А тады –
                    у паветра ўзьляцела штодзённасьць,
пралілася над краем крывёй
навальніца сусьветных падзей,
і каго не зьмяла яна ў роў,
не засыпала жвірам сьцюдзёным, –
па шляхох, перарытых вайной,
ўсе зышліся,
                          мой край,
                                                да цябе.
Дні за рукі ўзяліся, ідуць
шэрым, жудкім, глухім карагодам,
абіваючы з душаў,
з галін
цьвет вішнёвы ці прагу жыцьця,
ўтроп цікаецца голад,
на нас
вышчарае клыччо мімаходам, –
ды жывём мы і зь ім, бо дзе Ты,
там і наш сяньня высіцца сьцяг.
Калі ж хто адышоў
і ў гушчар цішком воўкам запоўз
і чакае
ці праменьвае важкія дні
на спакой ці на сыты абед, –
ён ня наш. Без такіх
мы прыжджом
бела-бела усьпененых маяў,
залатога пяску каласоў...
Возьмем шчасьце
сабе і Табе!
 
1941–1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.