РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вечар
Змрок папэцкаў куты і парог,
пачыркаўшы іх чэрняй крэсак,
падпаліла бабуля стог
кучаравых пахучых трэсак.
Сьцені кінуліся пад столь,
забубнілі крыламі ў вокны.
(А мо гэта ня сьцені – боль
шэрай прэляй на шыбах мокне?)
Пазяхаюць у куце багі...
Пахне хлебнай кісьлёю і потам.
Моўчкі ўём мы тугу на калкі,
цягнем, цягнем душу
з калаўротаў.
За ільняную нітку даўжэй
цяпер доўгія, чорныя ночы.
Во й зыходзіцца прасьці кужэль
да бабулі
                    ўвесь статак дзявочы.
Ўецца, ўецца, ня скончыцца ніць,
завіхаюцца пальцы, аж млеюць...
Толькі думак ніяк не зманіць –
плачуць, скачуць вірлівай завеяй.
Сумна... Цяжка...
                                      У Зоські браты
недзе ў вырай крывавы зьляцелі,
Ганька – паліць у сэрцы масты
за адной векапомнай нядзеляй...
У Агаты – мужык на вайне.
Тыдзень толькі жылі, дык ня сточыць
успамінаў і трызьніць у сьне
аб пахучых чаромхавых ночах.
А ў мяне...
                      ные, ные нутро:
«Не, ня прыйдзе наш Янка ніколі,
ўжо даўно нат ягоную кроў
восень жоўтым абцерла прыполам».
Янка, Яначка, галубок,
на каго ж ты нас тут пакінуў?
I ўзноў сыплю ў кудзельны мох
я сьлязьмі – ільняною мякінай...
Есца ў вочы хваёвы дым...
Уздыхае бабуля пры печы...
Колькі ж, колькі віхор вайны
сэрцаў людскіх разьбіў, скалечыў!
Не стрываю, парву, парву
плач глухі калаўрота і нітку,
зарыдаю, ўтулю галаву
у бабуліну шэрую сьвітку.
Заміргаюць багі ў куце...
Гляне бабка на смутак іх скоса,
нахінецца, папесьціць, спляце
каласьсё маіх сьпелых косаў...
– Годзе,  ўнучка, ня плач, ня плач,
я – дапрала жыцьцёвы кужаль...
Давялося мне – і выбачаць,
і прасіць, і цярпець, і нядужаць...
Не хаўтуры наш кон
дый ня баль,
кон – гарачы і дымны горан.
Хтось куе там і сьмех, і жаль,
перакоўвае наша ўчора.
Трэба жыць,
                          аж зжывеш свой век,
не сьпяшацца і не марудзіць...
Шчасьце, ўнучка, не салавей,
ноч у ночку пяяць ня будзе!
Але ведаю я адно:
чуе сэрца, трымціць старое,
што ня пойдзе наш сьвет на дно,
хай найгорш – час усё загоіць...
Не надарма пад віскат куль
кроў сьцірае там недзе восень.
Дзеткі,
сьлёзы ды боль зь пяску
залатым узрастуць калосьсем.
Скінем з плеч разьвітаньняў цяжар
і забудзем гарматны рогат...
Хай ня нам, але ж прыйдзе год –
засьмяецца зноў сьвет... Так,
                                                                зь нічога!
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.