РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хто ён, паэт?
Хто ён, паэт?
                              Біблейны мытар,
прарок натхнёны, сьвету лекар
ці чалавек з душой, ускрытай
лязом хістаньняў, скрозь нясыты
жыцьця і сьмерці,
славы, зьдзеку?
Мячом ягоным
                                  шэпт ці крыкі?
Пра што і як пісаць ён мае?
Лавіць нябёс вясновых зыкі
ягоны кон
ці сьвету сыкаць
у твар за зло, за злыдні лаяць?
I трэба ж слоў баяцца сяньня?
Той кажа:
                      – Час спаліць, падзерці
стары канон вершаскладаньня,
бо не краса, ня мроя паняй
у век крыві, агню і сьмерці.
Не замалюеш долі сьвету
цяпер вішнёвай пеннай беляй,
жыцьцё – зусім не акварэля,
і ў час вайны не да санэтаў,
не да мадоннаў Рафаэля...
Той зноў –
                        з кута шасьціць другое,
узьвёўшы вочы дзесь у хмары:
– Пясьняр – мастак паўтонаў, мрояў,
ён гнойных ран людскіх ня гоіць,
на бруд ня квапіцца,
                                              ён – марыць.
Яго стыхіяй – неба тоні
ці чар мядзяных лістападаў,
ён на ўспалох, як звон, ня звоніць,
ён не грыміць...
                                  а як сасоньнік
шасьціць ціхой і мудрай радай...
Вось суд людскі...
Каго ж зь іх слухаць,
куды ляцець,
                            зь якою плоймай?
Ці ні на што ня весьці вухам,
ці йсьці, плысьці з усіхным рухам,
шалее сьвет – шалець падвойва?
Што, што пачаць, каб быць заўсёды
на грабяні чароднай хвалі,
каб чуць сябе –
                                  душой народа
заўжды
                  ў зару і у нягоду,
што б сьвет ні гуў,
                                        што б ні казалі...
I ці калісь
хтось
слова кіне,
што песьняра як сьлед асьвеціць,
якіх даць вершаў, ветраў, плыняў,
каб сіне ўрэшце, сіне, сіне
было і ў сэрцах
і на сьвеце!
 
1942, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.