РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Восеньскія чары
Сярэднявечны маг-алхімік
                                                            у асіньнік
зашыўся... Падаслаў
пад ногі шэры порт –
зь іртуці й мглы,
зь іржы
зьмярканьняў нясупынна
скарб плавіць залаты,
што жоўтым лісьцем стыне
на дне лагчын – сівых, запыленых рэторт.
I столькі ўсюды іх,
                                        тых залатых крупінак,
на гладкіх шыях ліп,
на пальцах тапалёў,
у валасох асін і увушшу калінаў, –
што куляй залатой
пакоціцца і згіне,
здаецца,
                  нават дзень, што на узьлесьсі лёг!
Ды надыходзіць ноч...
I чарадзейскі тыгель
губляе неяк моц і кідае бурлець,
і пеніцца, й кіпець,
а сэрца мага – шчыглам
ня скача, быццам кроў
із жыл маніцца выгнаць,
але, як сьвет увесь,
                                          сьцішаецца ў імгле...
I калі ўраньні я выходжу – кажурынай
сівой акрыты сьвет,
трапеча сьнежны пыл
і туліцца да губ,
                                  што на марозе стынуць,
як быццам расьцьвісьці
камусь
              маглі б шыпшынай
яны у гэткі дзень,
пануры і сьляпы!
 
1942, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.