РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ткальля
Наснавала дваццаць губак
на пасаг, на ручнікі.
Як зара чырвоным чубам
махане над бору зрубам,
паўкідаю ў бёрда іх.
Нат ня буду задумляцца,
ці пашле той кон сватоў, –
запяю і буду ткаці,
як вучыла дзеўку маці,
у дванаццаць у нітоў!
Жоўтым вокам пазірае
скрыва, скоса ў шыбы дзень...
Я пры кроснах не гуляю,
прыбіваю, датыкаю
мо ўжо губку, мо ўжо дзьве...
Зігаціць асновы кужаль
бы цымбальных струнаў гладзь.
Эх, заграю!
Мушу здужаць!
Чаўнакі расстаўлю гужам,
скіну хустку, буду ткаць!
Калі ж вечар змочыць бровы
мне зарой
і на сьцяну
кіне полымем, – я словы
песьні зблытаю ў палове
і уток пакіну снуць,
бо ў яры,
                    ў зялёным гудзе,
у чаромхавых дымох
хтось чакаць на ткальлю будзе,
каб хоць сяньня не змарудзіць,
шчасьце сплесьці удваёх...
Што з таго,
што ўсьцяж гарматы
выюць дзесь на маладзік,
што галосіць сьмерць па хатах,
па барох?
                      Ня бойся, сватай,
а на рэшту – не глядзі!
 
1942, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.