РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вы хочаце
Вы хочаце вершаў бадзёрых,
ня горам атручаных вершаў,
а поўных магутных сугуччаў,
пякучых паэмаў аб лепшым.
I мне б тут хацелася прасьці
аб шчасьці ў паўтонах, паўценях...
Ды лён мой сівы, валакністы
ўвесь чыста спаліўся пламеньнем
тады, як гарэлі злавесна
нябёсныя бездані, хмары
і зьбітыя ў статак хваіны
ў нізінах, гараных пажарам,
калі галасілі гарматы
над кратамі ніваў аб сьмерці,
калі саламяныя стрэхі
кос вехці хапаліся дзерці.
З чаго ж вам напрасьці пякучых
сугуччаў, усьцешаных вершаў?
Гарэць, захапляцца ўрачыста
ўсім чыста – і рана і сьмешна.
Вось лепш вам скажу аб штодзённых
зялёных і сініх зьмярканьнях,
аб тым, як мы ловім надзею
з падзеяў, паўсловаў, жаданьняў,
аб тым, як сівым сырадоем
нас поіць завея дзікая,
аб тым,
                як над кажнай няўдачай
ня плачам,
а зубы сьціскаем.
 
1942, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.