РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Аксана Спрынчан
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вершы ад А.

#I
Восень варожыць
на сініх астрах,
перабірае,
не абрывае пялёсткі:
кахае – не кахае,
кахае – не кахае...
Заблытваецца
і зноўку пачынае.
А пасьля
са стомленай пяшчотаю
кажа:
– У сініх астрах
хаваецца ваша каханьне.

 

#II
«Гэта ня лёс, гэта ня лёс,» –
упарта сабе кажу.
А праз упартасьць маю прарастае
лён яснавокі, зь якога
лінію лёсу праду...
Прайду.

 

#III
Вышыла
на палатне льняным
сінія астры.
А ў сьне
нехта пытаўся:
«Дзе ты бачыла
такія вялікія васількі?»

 

#IV
Падае восень
у сінія астры
грушамі сьпелымі,
лісьцем стамлёным,
ценем ад выраю...
 
Зьбіраю грушы,
прыбіраю лісьце,
да ценю выраю
дадаю
свой цень.

 

#V
У восеньскіх лужынах
паміж жоўтым лісьцем
сінія астры неба.
Наступаю на кветкі,
ідучы да цябе.

 

#VI
Жыцьцё гуляе
ў краіны і гарады...
Цяпер ты ў краіне А.,
а я – у горадзе Л.
У марах гучыць – АЛё,
жыцьцё ж забірае дзьве кропкі,
чаканьня яшчэ дадае.
І падае ў неба – АЛе...

 

#VII
Сьнег сустракаецца з намі
і з натхненьнем ляціць
у сутарэньні зямлі.
Колькі сьняжынак вып’е астра
перад тым, як прачнуцца
ў вазе на стале
(пакуль ня вырашыла –
на маім ці тваім)?..

 

#VIII
У нас ніколі
не было начэй –
гады і дні,
і розныя стагодзьдзі.
І астры сінія
нам замянялі ночы,
і дні кароткія
бясконцае зімы.

 

#IX
Крама кветак.
Пытаньне:
– Вам якія?
Адказ:
– Астры.
Усе разводзяць рукамі
(голас недзе згубіўся
ў пошуках астраў),
пакуль вецер,
які ўварваўся з вуліцы,
не пракрычаў:
– А! Не зьдзіўляйце людзей!
Зразумейце нарэшце –
яны з роду кветак,
якія ніколі ня бачылі зімы, –
і зноў паляцеў гуляць па сьвеце.
А мне захацелася
маленькую дзяўчынку зьдзівіць:
– Ты ня ведаеш,
дзе астры можна знайсьці?
– Ведаю, ведаю, ведаю! –
сьмяецца малая. –
Давайце са сьнегу ляпіць.
– Тады ж у нас будуць толькі белыя?!
– А Вы паглядзіце на неба
і толькі пасьля на сьнег.

 

#X
Пераглядаю свае фотаздымкі –
цюльпаны, бэз,
пралескі і нават архідэі,
гладыёлусы, ружы,
аксаміткі і хрызантэмы.
 
І ніводнае астры...
Яны схаваліся ў вершах.

 

#XI
У тваіх абдымках – я,
быццам залаты востраў
у сініх хвалях-пялёстках астры.
 
Чмель пачынае зьбіраць пылок,
і нечакана – лавіна нэктару...
 
Зірнуў у нябёсы
адзіным вокам вулкан.

 

#XII
«Ротэ Штэрн»,
«Аметыст», «Блю Бэрд»,
«Дыяна» –
чытаю назвы
на пакетах з насеньнем астраў.
Ня ведаю, якія выбраць,
каб увосень табе дарыць.
Падыходжу да бабулі старэнькай:
– А Вашы як называюцца?
– Ды бяз назвы, дачушка,
растуць у кветніку дзікія.
 
Гэта тое, што трэба,
іх змагу прыручыць
і сказаць табе,
калі спытаеш назву –
«Жарсьць».

 

#XIII
Саджаю астры
пад дажджом...
Хай неба
ім аддасьць адразу
свае празрыстыя пялёсткі.
І будзе болей
сініх астраў
увосень,
чым неба...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.