РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня

М. Забэйду-Суміцкаму

 
Не тады, ведай, родзіцца песьня,
калі просяць паэта:
                                          «Пішы», –
а тады, калі пенай чарэсьняў
яна ўсьпеніцца недзе ў душы,
калі сэрца зярняты пачуцьцяў
ператрэ, перамеле на мак,
калі ўдасца закелзаць і спутаць
моцнай рыфмаю слоў маладняк.
Так было тут і з нашай сустрэчай
ды із музыкай песьняў тваіх.
Іх паслухаць мы йшлі, як на веча,
хай нам звон вечавы не званіў.
У той вечар – твой голас быў звонам,
ён – званіў з нашым сэрцам у лад,
ён – у душы нам сыпаў «лявоніх»
залацісты, агністы апад,
ён у вочы пылеў нам,
                                                ня песьняй –
нашай шэрай, нішчымнай вясной,
ён – іскрыпкаю сьпеўнай ля весьніц
сустракаў каласістую ноч,
цьмяным смуткам пад ногі нам слаўся,
зыркім вогнішчам кроў распаляў,
і сьмяяўся задзірыста, й плакаў,
змазваў з душаў штодзённасьці лак...
Ён – зь няшчырасьці нас абяззбройваў,
а што нам над усё даражэй –
ён, твой голас, –
гарачай тугою
па краіне таптанай дрыжэў...
О, пясьняр!
Ты так дзіўна упесьціў
нас, што з душаў пяшчоты ня змыць!
Хай жыве ж беларуская песьня,
несьмяротная – так, як і мы!
 
1942, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.