РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мяцеліца
Прамінула мая улюбёная
жаўтаклённая шкляная восень.
Ужо з тыдзень гугнавай мяцеліцай
па аселіцах нема галосіць.
Наглыталіся белага соладу,
ажно робіцца горка у роце,
ды да гэтуль
                            зімовую моладасьць,
хоць і Коляды ўжо, –
не змалоцім.
Быльнягом хіба легчы пад межамі
безьбярэжнымі, аж да прадвесьня,
вочы шчытна заціснуць павекамі,
пад засекамі сьнегу заплесьнець
і чакаць,
                  аж кальчастымі стрэламі
сонца
проста у сэрцы пацэліць,
ажно соладзяй млявай, аернаю
наліюцца настылыя целы,
аж усё,
              што увосені згублена
на пусткоўях зрудзелых урочышч,
зноў аднойдзецца
зеленаруннаю
і багуннай вясноваю ночай!
Бо што знойдзецца дзесь між галінамі –
што ж тут дзіўнага?
                                            Толькі б імкненьне,
й зноў асмужым вятранымі плынямі,
сінімі-сінімі,
                          нашу штодзённасьць!
Тае сілы,
                    што ў нас заварожана,
не прысьпіць, бо і не перакрынічыць
нат мяцеліца,
                              колькі б над пожнямі
незагаслым ні ўспыхвала зьнічам!
 
20.XII.1942.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.