РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вечар у Вільні
Расплёў, разьмёў віхор пярэстых хмараў дым...
Дзень адпаўзае ў зьмерк вузкіх завулкаў лазам.
I вее на мяне з кутоў, з муроў рудых
сівым, як даўніна, даўно забытым сказам.
Мне чуецца ці сьмех, ці плач, ці штось яшчэ
ў сымфоніі ціхой вячорных гукаў места.
Лязом мяча Вяльля спрабуе заблішчэць,
і полымя зары Пяруна хорам песьціць.
Над дахамі, у выш узьняўшы бель крыльля,
стаіць, усё ў вагні, Трохкрыжжа на старожы,
і кленчыць перад ім лясоў ліловых шлях
ды налітыя ймглой далечы бурых пожняў...
Як тут люблю я ўсё:
чырвоны вулак брук
і залагым пяском асыпаныя дахі...
Манюся тут сваю апошнюю зару
я сустракаць,
адсюль –
пайсьці адвечным шляхам.
Але пакуль жыву – хоць дзе – цяжкім каўшом
хачу я піць жыцьця і мёд, і нават дзёгаць.
Хачу, каб лёс мяне на шумных кірмашох
вадзіў,
вадзіў,
вадзіў,
як лерніка сьляпога.
 
15.X.1942.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.