РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Устань, пясьняр

На 25-я ўгодкі сьмерці
Максіма Багдановіча


 
Так балюча, што ты не жывеш,
Што ты сьпіш так далёка ў чужыне.
Ў нас – вясьняны п’яны сухавей
Жоўтым дымам курыць у лагчынах.
 
Сінім лакам малюе вясна
Вочы неба і ніваў далоні, –
Сяньня ў нас люба выйсьці й абняць
Сьвет, што пеніцца, пахне і звоніць!
 
Ты ня з намі... Ды жаль не ў вясьне...
Ўстань,
                пясьняр наш найбольшы,
                                                                      наш волат!
Ўстань, прыйдзі і зайграй, як раней,
На імгле, што распальвае золак.
 
Раззвані бомы зор залатых
На ўсе тоны, бы ўспыхнулі душы,
Каб натхненьне і творчы уздым
Нас маглі ахапіць, узварушыць.
 
Каб мы выйшлі плячо у плячо
Лёс узяць у магутным разгоне, –
Ўдар, удар нас у сэрцы мячом
Старадаўняй Крывіцкай Пагоні!
 
Не шкадуй ні рукі, ні мяча,
Наш пясьняр найвялікшы,
                                                          наш волат,
Ўстань, прыходзь тут між намі спаткаць
Наш вайною распалены золак!
 
24.V.1942.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.