РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У навагодні вечар
Рвецца,
рвецца,
парвалася,
зьнікла
ў хмарах неба вячорная ніць:
новым вершам я,
новым іх цыклам,
пачынаю зімовыя дні.
Зоры сьнегу скідаю з расьніцаў
(цалаваць – хай цалуюць у твар).
Кружа ў думках,
мігціць,
мітусіцца
нейкіх словаў нязьдзейсьненых чар.
Хай мігцяць...
Усё роўна зьбяру я
іх у верш ці паэму пасьля,
а цяпер...
разьмяту па-над руняй
сьнегавой...
                          Сяньня я – не гусьляр,
не паэт...
                  Па-вясеньняму сіне
уваччу, сэрабром пад дугой
заліваецца сэрца, бо гіне
год стары й новы родзіцца год!
Можа, будзе да нас ён ласкавы,
а ня гэткі – зь сьлязьмі і крывёй,
з кажным днём, можа,
з кажнаю справай
праўдзівей, праўдзівей зажывём...
Пералічым крыжы
і павернем
забываць,
будаваць
і тварыць,
новай праўды прарошчваць зерне
на папелішчы праўдаў старых!
 
1942–1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.