Прарыпелі гарачыя дні залатымі важкімі вазамі. Тыдзень, два – ўзноў іржою запляміць восень пожні скачаныя ніў, перадчаснай сівізнай сьсівеюць пад парканам крывым быльнягі... Толькі ж нам зь імі разам ня гніць, нам ня суджаны сон і бязьдзейнасьць. Давялося нам жыць і тварыць у грымотныя дні навальніцаў. Мы – народ не ціхі ўжо, ня ніцы, мы – ці хочам, ці не – змагары! Мы закулі у панцыры сэрцы, ні трупы нас ня кволяць, ні кроў, ды за роднага краю дабро мы гатовыя штодня памерці. I хай раз за разом нас той кон туга скручанай сьцёбае пугай, – праз мутой налітыя калюгі мы ідзём, пакуль сілаў і дзён. Не спыніць нас... «Пад камень ляжачы, – кажуць людзі, – й вада не цячэ». Нашы ж сэрцы – ня камень яшчэ, нам карціць не адно яшчэ ўбачыць. Дык няхай у прадоньне плывуць дні й здарэньні нястрымнай улевай, хай нат сэрцы ушчэнт зайржавеюць, – Не угнём прад жыцьцём галаву!
1943
|
|