РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Варта жыць
Пазьмятала даўно кволай жоўтай далоняй
восень пену лістоўя з пажоўклых сьцяжын.
Адцьвілі верасы, ад’ірдзеліся клёны,
але ж трэба і сяньня
змагацца і жыць!
Кажны з нас яшчэ ж верыць у нешта сьвятое:
хто ў Хрыста,
хто у Край,
а хто – проста ў сябе,
і пад вейкамі смагі жыцьцёвай ня ўтоім
мы,
як нізка ні гнула б нам гора хрыбет.
Варта жыць!
Варта вечна чагось спадзявацца,
чуцца часткай айчыны, малой а жывой,
песьціць сьцерплыя пальцы адвечнаю працай,
разьвіваць слоў і чынаў бясконцы сувой
і тварыць...
                          Заўтра ж зь неба зарою крамянай
не зьляціць
і ня выцьвіце з нэтраў зямлі.
Наша заўтра народзіцца з нашага сяньня,
з усяго, што нас цешыць
і што нам баліць.
Калі ж мо й давядзецца няўсьцішныя сэрцы
йшчэ ці раз нам снапоўем злажыць на таку, –
не бяда!
                  Ўжо нікому наш сьлед не зацерці
на гасьцінцах зямных,
нашай сілы – ня скуць!
Хай цьвітуць верасы,
хай мядзяняцца клёны,
хай мяцеляцца зімы над беляй сьцяжын.
Нашу долю мы ймклівей за ветры здагонім,
а для гэтага варта
змагацца
і жыць!
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.