РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успаміны
Дзедка, чаго ты? Ну, ведама, дзеці,
вось і сьмяюцца. Сьмех іхны йшчэ танны.
Лепш адпачні тут у сонцы... На сьвеце
сяньня ж такое блакітнае раньне!
Вецер вясновы спаўе цябе, змые
з вуснаў і горыч, і... слова благое...
Досі ж у гневе размахваць кіем,
гора, дзядуля, і так ты ня ўтоіш.
Кажаш – згадала я?
Кажаш, забралі
сына на бойню у першае ж раньне,
йшчэ калі сонца між хмарных прагалін
жутла-чырвонай крывавіла ранай,
глуха вароты рыпелі на вёсцы,
плач маладзіцаў ірвучы на пасмы,
недзе ж за лесам у ладкі хтось плёскаў
гулка, грымотна і страшна?
Кажаш, за ім
                            із акрайцам апошнім,
высахлым, бегла, ня зьбеглася, баба,
кажаш,
              адгэгуль вось нейкая пошасьць
кіпцямі сэрца спанатрыла скрабаць?
Жвавасьць згубілі няўтомныя рукі,
прысачкам шэрым засыпала вочы,
селі на карак бяссоннай дакукай
полымем зьлітыя ночы?
Кажаш,
              быў хлопец адзінай удачай,
хіба, тваёй у жыцьці... ну й загінуў...
Дзедка, паслухай –
хто ж сяньня ня плача
ці па бацькох, ці па сыне?
Хто не згубіў у вірлівым разгоне
дзеяў
            ці ўсьмешкі, ці сэрца, ці шчасьця?
Эх, каму, ціснучы рукі,
                                                  сягоньня
гора ня крышыць і пальцаў, і пясьцяў?
Толькі – што з гэтага?
Глянь у засьценкі
шэрых руінаў, прадоньні пажарышч:
сонечным мёдам, салодкім і пенным,
зноўку залоцяцца іхныя чары,
зноў васількамі красуе паднеб’е,
зноў аж заходзяцца сьмехам зялёным
лозы,
            і мякка, пяшчотна цярэбіць
вецер вясновы чупрыніны клёнаў...
Дзедка,
                так будзе штогод...
I астыне,
                    хочаш ці не, – найдзічэйшая роспач,
і адцьвітуць пакрысе успаміны,
як пустацьвет, неўсьцярэжна і проста...
Ну, дык чаго ж ты?
Кінь, ведама, дзеці,
вось і сьмяюцца... сьмех іхны йшчэ танны.
Лепш адпачні тут у сонцы...
                                                              На сьвеце
сяньня ж такое блакітнае раньне!
 
1943, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.