РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Салавей

М. Забэйду-Суміцкаму на 15-я ўгодкі
ягонае пясьнярскае працы


 
З выраем звонкім, што зь ветрам плыве,
зноў ты да нас прыляцеў, салавей,
роднаю песьняй нас песьціць.
Зноўку твой голас узбурыць да дна
нашыя сэрцы, як сонца й вясна,
госьці ў закураным месьце.
Дык засьпявай нам, заліся, вазьмі,
як у зялёным хмызьзі салаўі
вечарам сінім у траўні.
Пей нам аб сонцы, што ў лозах густых
жоўта-сарэбраны гойдае дым
рухам павольным і плаўным,
пей аб вясьне, што ружовы туман
сьцеле ўваччу і на сьвеце на зман,
пей аб тузе і уцехах.
Песьняў тваіх раззалочаны сум
ветры па рунях сівых панясуць,
збудзяць вясновае рэха.
I заліецца ўвесь край, загудзе,
ажно кругі паплывуць па вадзе,
яблыні ўздымуць завею.
Пей, салавей, хай па сьвеце гучыць:
слаўна ж умеюць сьпяваць крывічы,
зь песьняй – іх лёс не сьсівее!
 
Менск, 1944.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.