РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьмела, наперад
Лёс мне казаў сяньня быць амазонкай,
меч даў у рукі, а сэрцу адвагу,
годзе сьпяваць па сасоньніках гонкіх,
годзе зьмярканьні абдорваць увагай.
Сьмела наперад,
                                    ня ў сонечны вырай,
як бы ні вабіў ён мёдам і хлебам,
але праз шэры трыпутнік і пырнік
бацькаўскай сьцежкай, радзімаю глебай.
Сьмела наперад,
                                    насустрач лагчынам,
вольхам, апырсканым травенскай цьвіляй,
хмарам пярэстым, падзеям і чынам,
дзе пехатою, а дзе і на крыльлі.
Іх не зламала нам горкае ўчора,
іх нам ня зможа й змагарнае сяньня.
Сьмела наперад,
                                    хай рэха уторыць
нашаму маршу па сьцежках жарсьцьвяных.
Клікаць жыцьцё, жыць пустою надзеяй
сьмешна,
                  пакору час пылам распыліць.
Сяньня мы самі жыцьцём паланеем,
сяньня мы самі – надзея і сіла.
Сьмела ж наперад,
ня ў вырай прывольны,
як бы ні вабіў ён мёдам і хлебам,
але па нашую ўпартую долю,
птушку,
што ўсё йшчэ
лунае ў паднеб’і!
 
1944, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.