РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Няхай жыве ўпартая рука
Бяз сонца жыць ня ўмее каласьсё,
а без таго драбочка шчасьця – людзі.
Таму праз асаты ды праз трысьцё
мы ймкнём, каб долю ўзяць за грудзі.
Ня час цяпер, як ляльку, спавіваць
яе ў пяшчоту слоў ды просьбаў лопат.
Каб ніваў пух ня ўкрыла ўсьцяж трава,
ці ж пары дужых рук ня хопіць?
Дык хай жыве
упартая рука,
пяро ці плуг
яна трымае сяньня.
Дзядамі босымі ды з торбамі блукаць
мы ўжо ня хочам на сьвітаньні,
ня прагнем больш часінку супачыць
у пыле
коламі ўзаранага гасьцінца,
з пакорай стукацца пад вокнамі ўначы
і кажнай цешыцца і костцы, і скарынцы.
Мінуць,
маўляў, вада вясновая, сплывуць
і гэтыя гады завей і паднявольля.
Узноў у сонца мы узьнімем галаву,
і мо адно ўспамін
праймаць нас будзе болем...
Забудзецца і ён...
Працуйма ж, распачаць
аб хлебе заўтрашнім
і позна, і зарана.
Няхай жыве упартая рука,
пяро ці плуг яна трымае сяньня!
 
1944, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.