РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Усьмешка
Як малое дзіця,
ён шукае рукі –
апякункі, бы ў шэрую цемру ня рынуць.
Кіем ловіць прастор...
Маладзенькі такі...
А навокал –
руіны, руіны, руіны...
Ранкам жнівеньскім сонца бадзяжыць у іх,
ночай – плачуць над іхнай пачварнасьцяй зоры...
Свае зоры – блакітныя вочы – ў баі
ён за сонца для іншых аддаў із пакорай.
Як штодня,
места ймкне, мітусіцца, бяжыць,
аж ня ляжа на ходзішчы попельны вечар.
Ён стаіць...
Больш ні мэты ў яго, ні мяжы...
Для сьляпых жа ні сьцежак няма,
ні далечаў.
А для нас, лёс?
Для краю, што ў неба гарыць?
Для абкрадзеных матак?
Чым гэтых суцешыць?
Чым ім жыць, адкажы!
І вось тут... на твары
без вачэй
расьцьвіла, задрыжэла усьмешка.
Быццам сілай наліў нехта чару нябёс...
Зноў пасыпалі ліпы залочаны прысак...
Не,
падступны, кусьлівы, насьмешлівы лёс,
нат ахвяраў сваіх
ты ня змусіш скарыцца!
 
1944, Бэрлін.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.