РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пялёстак Алены Фоурман
Пэндзаль губляе старая рука мастака.
Юная Элен яго падбірае цярпліва.
На палатне ружавее, бы золак, шчака
Німфы, якая блукае між ціхіх аліваў.
«Ну, дамалёўвай!» – ня сьмее прамовіць услых...
Зноў задрамаў проста ў крэсьле нямоглы маэстра.
Элен кранае бязважка, як дотык пчалы,
Дзюбкаю пэндзьля вільготныя фарбы шэдэўра.
Гэты пялёстак на ружы – ён створаны мной!
І азіраецца спуджана – муж не заўважыў?
Німфы напоўнілі сьмехам празрыстым пакой.
Проста мазок – але іншыя ўсе пераважыў.
Хай застанецца – хоць росчырк жаночай рукі!
Як бы хацелася пэндзьлем прайсьціся адвольна.
Толькі мадэлек ніхто не бярэ ў мастакі.
Жонка і муза... І гэтага, пэўна, даволі...
Рубэнс дрыготкай рукой папраўляе каўнер,
Белы, як пена марская ля торсу Трытона.
Элен ізноў замірае, маленькі жаўнер...
Зьзяе злачынны плёстак нябёснай каронай.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.