РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Джэці
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
“Дзіцячы альбом”
1. Уяві

 
Мой маленькі чытач!
Уяві сабе, што ты вялікі крумкач –
Вялікі чорны крумкач,
І дзяўбеш крывавую ежу,
Якую я для цябе рэжу
Па кавалках ад жывых зьвяроў
Пляскатым зубчастым нажом!
Уявіў, як пырскае кроў?
Гэта табе не баржом!
Уявіў, як шматкамі
Ляціць крывавая воўна?
Праўда, цудоўна!
 
2. Лялька

 
Калі ў першы раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Вельмі было балюча,
І крычала я вельмі гучна.
 
Калі ў другі раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Было ўжо ня так балюча.
Я крычала ня вельмі гучна.
 
Калі ў трэці раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Было зусім не балюча
І нават амаль не калюча,
А так, бы нехта казыча, памалу.
Я рагатала.
 
Калі ў чацьвёрты раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Яны мне ўжо надакучылі.
Сказала, каб адчапіліся.
Далей што было – забылася...
 
Калі ў энны раз
Нож у мяне ўтыркнулі
І там тры разы павярнулі,
Зразумела я: гэта ключык.
Ад мяне чакалі чагосьці,
Ды нічога не атрымалася.
Нехта, я чула, сказаў:
“Здаецца, яна зламалася”.
 
Я думала, мяне зьнішчаць
Ці адарвуць галаву.
А мяне проста закінулі на гарышча.
Там я цяпер жыву.
 
3. Вавёркі

 
Ці жывуць вавёркі ў норках?
Не, яны жывуць у парках.
Дрэвы там усе ў вавёрках,
Быццам мёртвыя ў прыпарках.
 
4. Відавочная

 
Відавочна бачыцца
Слыхавушна чуецца
Векапомна помніцца
Адпаведна ведаецца
 
Толькі ж я жа ж несумнеўна
За сабой сама сабой.
Чуеш, відавочная?
 
5. У тае дзяўчынкі

 
У тае дзяўчынкі сінія косы,
Зусім сінія косы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі чырвоныя вочы,
Зусім чырвоныя вочы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі зялёныя сьлёзы,
Зусім зялёныя сьлёзы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі ружовыя акуляры,
У якіх усе выявы ружовыя,
Зусім ружовыя выявы.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі белыя меркаваньні,
Зусім белыя меркаваньні.
А ў мяне такіх няма.
 
У тае дзяўчынкі на грудзях валасы,
Кучаравыя чорныя валасы.
А ў мяне такіх няма.
А мне й ня трэба.
 
6. Раніца
(песенька Віні Пуха)

 
З раніцы ў мяне такі настрой,
Што хош напіся, а хош утапіся.
Гэта не таму, што я самагубца ці п’яніца.
Проста раніцы не пазьбегнеш.
На тое яна і раніца.
 
7. У кішэні

 
У маёй кішэні
Жыве дзядзя Сеня
І яго жонка Наташа.
У іх на сьнеданьне каша,
А на вячэру сыракваша.
Прараблю ў кішэні дзірку.
Будзе для іх параша.
 
Кажа мне сябрук Воўка:
Адпраў ты дзядзю Сеню
Ў камандзіроўку
Ў другую кішэню.
А да цёці Наташы
Пасадзі дзядзю Сашу
(Дзядзя Саша жыве ў Воўкі
Ў капюшоне вятроўкі).
 
А я кажу: трэці – лішні.
Пасадзім іх лепш да Надзі.
Няхай яны зьядуць усе вішні
Ў ейным кішэнным садзе.
 
8. Радонная казка

 
Жыў-быў і цяпер жыве.
І былі ў яго тры.
Паселі яны на коней і паехалі.
А адтуль раптам абвесьцілі,
што дачка-прыгажуня
і палова маёнтку ў спадчыну.
Выйшаў мужык поле араць.
Зацягнуў у багну і зьеў.
І я там быў,
мёд, піва і нацыянальны шансон.
А хто слухаў, сьцяг табе.
На белым кані па разорах да ўсходу.
 
9. Марозіва

 
Адзін хлопчык маленькі
Зьеў замнога марозіва,
І ягоныя ножкі
Ператварыліся ў нозіва,
 
А ручкі – у ручыва,
А вочкі – у вочыва,
А нос – у носіва,
А пуза – у пузіва.
 
А трусікі – у трусіва,
А боцікі – у боціва,
А зубкі – у зубіва,
А роцік – у роціва,
 
А пяткі – у пяціва,
А косткі – у косьціва,
А валасы – у валосіва,
А сьлёзы – у сьлёзіва.
 
Навошта, навошта
Ён зьеў столькі марозіва?!
 
10. Зіма – марозіва для дарослых

 
А потым ад зімы
Ці яшчэ ад нечага
Усе навокал рэчы
Ператварыліся ў рэчыва,
 
А кал – у каліва,
А печ – у печыва,
А крэсы – у крэсіва,
А палі – у паліва.
 
А Тула – у тулава,
А вол – у волава,
А мары – у марыва,
А Логас – у логава.
 
А пі – у піва,
А ка – у каву,
А гра – у грыву
А я – у яву.
 
Сяджу, размаўляю
з сабою сама...
Навошта, навошта
прыходзіць зіма?!
 
11. Загадка

 
Вісіць абвестка над завулкам:
“Мак – Лукамор’ю, ром – акулкам!”
Надзвычай дзіўная аб’ява!
Хто ведае, у чым тут справа?
 
12. Вуліца Шырокая

 
Вы-ха-ва-нчы-кі-дзі-ця-ча-га-са-дку
Пе-ра-хо-дзі-дзі-дзі-дзі-дзі-лі-ву-лі-цу
Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я
У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га
 
А-па-ву-лі-цы-ма-шы-ны-е-ха-лі
Пе-ра-е-ха-ха-ха-ха-лі-вы-ха-ва-нчы-каў
Ву-лі-ца-шы-ро-ка-я
У-я-е-ня-ма-дру-го-га-бе-ра-га
 
А-на-бе-ра-зе-а-дзі-ным-ма-ма-нькі
Вы-ха-ва-нчы-каў-пла-ла-ла-ла-ка-лі
Толь-кі-ву-лі-ца-шы-ро-ка-я
І-ні-хто-ні-чо-га-не-па-чуў.
 
13. Калыханачка

 
Сьпі, сынку.
Прабег прусак па тынку,
Зараўлі дзіравыя трубы.
Сьпі, мой любы.
Сусед-шызафрэнік
Нам у шыбу шпурляе
Камяні,
Але не трапляе.
Сьпі-засьні.
У пад’езьдзе нехта страляе.
Нехта ломіцца ў нашыя дзьверы.
Нехта лез праз акно,
Ды нібы ў павучыну,
Убіўся ў парцьеры.
Гэта вельмі было даўно,
Труп там цяпер астылы.
Сьпі, мой мілы.
Самалёты над гарадамі
Круцяць вогненнымі хвастамі.
Утыркаюцца крылы ў магілы,
А стрэлы – у крылы.
Па дарогах лётаюць кулі,
Ды ня з рулі,
А так –
Іх вятры надзьмулі.
Люлі-люлі.
Чорны вэлюм лёг на зямлю,
Зачыніліся крамы.
Сьпяць і таты, і мамы.
Толькі я, як той слон, ня сплю.
Нехта ціха пяе
Пра тых, хто п’е
Валяр’янку
І рыпіць зубамі аб шклянку
Табе калыханку.
Пацукі зрабілі палац са старых паштовак.
Лес замёр у чаканьні буйных лесанарыхтовак.
У паветры вісіць і зьвініць залаты званочак.
Сьпі, сыночак.
Сьпі, дарагуся.
Я табе сьнюся.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.