РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Гэта наша з табою зямля! Гэта наша,
Таму што нам з таго, што нам нехта тут кажа,
Што дарэмна мы мову сваю беражом,
Калі заўтра ў нябыт нас тут змые дажджом,
Што пральецца зь нябёс і затопіць наш сьвет.
Ды няўжо хто гаворыць так – перажыве
Той патоп, што чакае наперадзе ўсіх?
І гляджу я ў ваду, як у вочы чужых
Незнаёмых людзей, што, нібыта арда,
Побач з намі жывуць, як у рэчцы вада,
Што па нашай зямлі працякае да мора,
І ніхто ёй пра гібель яе не гавора,
І ніхто ёй ніколі, ніколі ня скажа:
«Гэта наша спрадвеку зямля! Гэта наша!»
Хоць і трэба сказаць, як кулак паказаць,
Бо тут жыць нам і тут нам з табою канаць,
Бо ў нас іншай зямлі не было і ня будзе,
Бо мы людзі з табой, бо мы гэткія ж людзі,
Як усюды на гэтай зямлі, як усе,
Якіх некалі ў мора вадою зьнясе,
Што пральецца зь нябёс і затопіць наш сьвет,
І ніхто анікому ніколі ўжо ўсьлед,
Як малітву прад Богам адзіным, ня скажа:
«Ойча наш, гэта наша зямля... Гэта наша...»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.