РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ня плачце
Ня плачце...
Не таму, што сьлёз шкада.
Ці шкадаваў іх хто калі дзеля краіны?
Але таму, што лёс яе нам зноў аддасьць,
тут, на чужыне,
нас ня кіне.
Мы вернемся дамоў!
З адкрытай галавой,
із сонцам у душы і песьняю на вуснах
мы пройдзем па шляхох, парослых злой травой,
апырсканых крывёй, –
і ў пыл затопчам вусьціш.
Як зоры,
на вачох у кажнага сінець
каралі будуць сьлёз,
хоць выплакана столькі.
Ды вецер з родных ніў журботу аджане
і павымае з душ тугі дзікое голкі.
Прысеўшы на пяску пад ніцаю вярбой,
падставім мы вятром паніклыя чупрыны
і скажам:
– Родны Край,
даў Бог, мы зноў з Табой.
Дазволь служыць Табе,
мы ўсё з пакорай прымем.
I усьміхнуцца нам, аж сэрца забаліць,
і усьміхнуцца зноў, аж у грудзёх заколе,
Крывіччыны мае блакітныя палі,
каханыя ў чужой краіне,
як ніколі.
Ня плачце ж,
не таму, што сьлёз шкада.
Ці шкадаваў іх хто калі дзеля краіны?
Але таму, што лёс
яе нам зноў аддасьць,
тут, на чужыне,
вас ня кіне!
 
1944, Бэрлін.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.