У чаромхавай у мяцеліцы, у бярозавых туманох, па загуменьні, па аселіцы слала дзеўчына палатно. I піло яно росы цёплыя, плынны, сонечны, жоўты мёд. Мела дзеўчына працы з коптарам, ды й турбот ня менш – ля гумён. Ці кідаць усё чорту лысаму, прад навалаю уцякаць, ці застацца мо і пад прысакам куль і зьдзекаў жыцьцё сукаць? Шкода скрыні цяжкой, пасажнае з дыванамі у шмат нітоў, мірты буйнай... А як адважыцца кінуць край свой, сваіх братоў? Ды смугою далечы хмарацца, глуха шыбы ўначы бразджаць, з крыкам кружаць над хатай галіцы, рэжуць сэрцайка без нажа... I... зьвіліся палотны трубамі – хай нябеленыя ляжаць. Запрагай каня, бацька, й лубінам, нацянькі, на шлях выязджай! Чым зь нядоляй пазнацца жорсткаю, лепш, як прыйдзецца, – і пагалець, мо упоперак горла косткаю і ня ўстане чужацкі хлеб? Прыйдзе ж час, прыйдзе час – па аселіцы, у бярозавых туманох, у чаромхавай у мяцеліцы будзем зноў мы слаць палатно!
1944, Бэрлін.
|
|