РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здагонім сонца
Малоціць дождж снапоўе стрэхаў,
аж шэры пыл вакол курыць...
Хто ж рассыпкім прысыпле сьмехам
сягоньня смутак наш стары?
Ўжо ж не здагнаць цяпла і сонца
на крылах навет журавом.
Ды трэба жыць, каб шлях свой скончыць
як мае быць,
і мы жывём...
Ірвёмся, ймкнём, сварымся, просім,
а шчасьця ў рукі ўсё ня ўзяць.
Ці не няпрошаныя госьці
мы на балі тваім, зямля?
Як так – ня думай, што пазбыцца
ты нас патрапіш абы-чым.
I мы у твар заўмеем выцяць
каго патрэба,
хоць маўчым.
Малоціць дождж па стрэхах пясьцяй,
аж золкім дымам дзень дыміць...
Здагонім сонца ўсё ж і шчасьце,
калі не журавы, –
дык мы!
 
1944, Бэрлін.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.