РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хоць даводзіцца сяньня плакаць...
Пазалочанай дзідай захад
скруткі хмараў наскрозь працяў...
Хоць даводзіцца сяньня плакаць,
як, аднак,
не любіць жыцьця!
Як із прагай ня браць іскрынак
шчасьця, не пераймаць тугі,
хоць і тое і гэта згіне
заўтра, як на вадзе кругі...
Залатым нябачаным птахам
маладзік над зямлёй усплыў...
Так, хоць хочацца сяньня плакаць, –
мы расьсейваем сум, як дым.
Не удасца, праўда, забыцца
нам тут нашых сівых бяроз,
васільковых узьмежкаў, ніцай
хаты, дзе ад дзіцяці рос.
Але жаль па іх нас ня скосіць
і ня выкруціць сілы з рук.
Хоць навокал і золь і восень, –
верым мы у сваю Беларусь.
Маці любая, пэўна, сяньня
уздыхаеш па нас і Ты.
Не тужы,
                  ў мітусьні выгнаньня
не дадзём мы душы астыць.
З гэраічнай ня выйдзем ролі,
у балота ня схілім сьцяг
і ня здрадзім нідзе й ніколі
ні сябе,
                ні Цябе,
                                  ні жыцьця!
 
1944
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.