РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ня так лёгка

Прысьвячаю пакліканым
і непаклітным крытыкам


 
Ня так лёгка гаркою, агорклай агудай
змусіць нашыя вершы
навечна заплесьнець.
Яшчэ доўга блукаць
па гасьцінцах мы будзем,
раздаваць пакрысе
свае сэрцы у песьнях.
Ці адна яшчэ ў сьвеце вясна
у далоні
нам ружовых вішнёвых
пялёсткаў насыпле.
Ці ў адзін яшчэ верасень
залатаклённы
мы душою
                        і сэрцам трывожным уліпнем?
Ці ня ўдосыць наплачамся мы па краіне,
аж уздымем у песьнях яе
на узвышшы,
ці ня раз непаэты
апырскваць сьлінай
будуць нас або й славай ахутваць пышнай?
Ды хай вусны праклёнамі ў раны калечаць
ці хвалой захлынаюцца крытыкі сьвету, –
што нам іхнае ройна-шумлівае веча?
Не забраць ім ні неба,
ні сонца ў паэтаў.
Ані неба, ні сонца,
ні сьлёз, ні усьмешак,
ні ўсяго, што нам кажа
успыхваць і гаснуць.
Тут, у сьвеце злачынным,
у сьвеце бязгрэшным,
не яны –
                    мы аднойдзем няўлоўнае шчасьце!
 
1944
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.