Лісьцё – віхор іржавых зор – над шахаўніцай вуліц кружыць... Каб як лучыць у іхны хор і нашым душам недалужным! Каб навучыцца пазіраць на ўсё, што робіцца, – з узвышша, з усьмешкай боль пякучы браць, сьпяваць, хоць крыўда сэрца крышыць! Мінаць калекаў і сьляпых – як навакольле – зь лёгкім сэрцам і не кідацца ніцма ў пыл ні прад жыцьцём, ні перад сьмерцяй! Ці ж гэтак цяжка ізь лісьцём пусьціць на вецер і пачуцьці? Пачуцца тут адно гасьцём, нічым ня зьвязаным, ня скутым? Тады – жылі б мы, балазе, і парасталі ў поўсьць і сала, і сьпін ня гнулі б у тузе ні прад Хрыстом, ні прад Ваалам. Адно – ці б гэта нам дало дасюль нязнойдзенае шчасьце, ці з сэрцаў скінула б далоў усё, што ўсьцяж яго нам засьціць? I ці тады, йдучы паўз нас, паэтаў, сьвет бы ўсьлед ня кінуў: «Чым гэтак жыць, лепш піць да дна бяду і зьдзек або і згінуць!»
1944
|
|