РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьнежань
Сьвежым сьнегам асыпаў сьнежань
вастраверхія дахі вежаў,
камяніны, каменьне брукаў,
бровы жвавых наўзьдзіў людзей.
Пад асьнежаны сэрца стукат
выплятаю я сетку сьцежак
на бязьмежным прасьцягу сьнежным,
дзе ружовы разьліўся дзень.
 
Места сьпіць... Ды ужо званіцы
клічуць пышных і клічуць ніцых
выйсьці, вочы узьняўшы ў вышу,
хай сабе не маліцца – спачыць.
Белы вецер нясе, калыша
гэты кліч... I далечам сьніцца:
нехта белы, найбельшы кліча
іх, блакітных, ад злога ўцячы.
 
А куды уцячы нам, нясытым
ні усьмешак, ні сьлёз,
не блакітным,
не асьнежаным белым сьнежнем –
толькі шэрым і думкай, і ўсім.
Хай заходзіцца з плачу ў вежах
звон па звоне,
ніхто ж карытаў,
поўных клунь, у зямное ўшыты,
не пакіне, дарма прасіць!
Сьвежым сьнегам асыпаў сьнежань
вастраверхія дахі вежаў,
камяніцы, каменьне брукаў,
бровы жвавых наўзьдзіў людзей.
Пад асьнежаны сэрца стукат
дапляла я мярэжу сьцежак
на бязьмежным прасьцягу сьнежным,
дзе ружовы разьліўся дзень.
 
1945, Рэгенсбург.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.