РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мы йшлі...
Гула штось глуха ноч,
сьляпая, чорная.
Чарнейшыя – ці ёсьць у лістападзе?
Да гэткай цемры золкай не прыгорнешся.
Гарнуўся ўсё ж і той і гэты –
што ж парадзіш?
 
Каторую пару брылі мы несупыннаю,
нярадаснай хадой ад куста да куста.
I найжвавейшыя жадалі ўжо хваінамі
нязрушнымі навечна тут прыстаць.
 
Мы йшлі, ня зьдзеіўшы таго,
што ў зыркім полымі
гарачае крыві зрадзілася, цьвіло.
Затое ў клёнах, восеняй аголеных,
за намі паланела роднае сяло.
Мы йшлі, а нашы слуцкія сасоньнікі
тулілі нас бязрадна ў туманы.
Мы йшлі...
                        Ды не на ўсход,
                                                          у вязь старое хронікі
уплесьці новы чын...
Ішлі на захад мы...
Ці помніў хто, што накш
нядаўна сэрцы біліся,
што накшы правадыр,
ня боль глухі, нас вёў?
Крывавілі шляхі апошнімі рабінамі
і першаю юнацкаю крывёй?
 
Гула штось глуха ноч,
сьляпая, чорная.
Чарнейшыя ці ёсьць у лістападзе?
На душаў дно,
на восеньскія ворывы
асеньні, золкі сум залою падаў.
А мы –
                ішлі, ішлі, ішлі, хаваючы,
ратуючы гадоў апошніх жменю.
Ішлі на захад мы... Няхай...
А дачакаемся:
завернем на ўсход
                                          і мы, і наша зьмена.
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.