РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хмарка і маладзік
Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе без пуцьця
          Спала сном нежывым.
 
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
          Так з суседам сваім:
 
– Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, –
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
          Вольна, весела нам!
 
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
Зь ёй заводзіць гульню –
          Сеяць сум тут і там.
 
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
I мяне – сірату,
Як плыву ў высату,
          Страшыць сонца ня раз.
 
А ты – лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, –
          Дык прымі ў добры час...
 
Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
– Маладая мая,
Выглядаў цябе я
          Ўжо даўно ў вышыне.
 
Я тут – сам – адзінок,
Як бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла, –
          Прытуліся ж ка мне...
 
Ты – царыца, я – цар...
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросьціць жа тут
          Будуць зь веку у век.
 
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так
I ўжо волі ніяк
          Не дадзім мы на зьдзек.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
I гуляюць адны
Ад вясны да вясны
          На сум вечны людзям.
 
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
– Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
          Вольна, весела нам!
 
1912
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.