РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Лірнік вясковы»

Памяці Ул. Сыракомлі

 
Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,
      Не аб славе забытага краю,
Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,
      Гэту песьню сягоньня складаю.
 
Выліць думку хачу – хай снуе у бязьмеры -
      Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб той зорцы, што некалі з добраю верай
      Над зямелькай ясьнела і зьбегла.
 
Аб музыцы, што лірай сваёй чарадзейскай
      Мне ў душы сьветач выклікаў новы,
Каб жыла, хоць на час, красай кветкаў-пралескаў,
      Як жыве вечна Лірнік вясковы.
 
*

Над Вільлёй, дзе сталіца была Гедыміна,
      На магілках, што Роса завуцца,
Курганок там убачыш, пакрыты дзярнінай,
      Над дзярнінай бярозкі трасуцца.
 
Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам
      Аб жыцьці, пахаваным пад імі;
Людзі ходзяць маліцца над насыпам гэтым,
      Пасьвянцаці сьлязамі жывымі.
 
Пяцьдзесят раз у зелень вясна спавівала
      Ніву нашу і насып жвіровы, –
Над  курганам тым сэрцаў мільёны шаптала:
      Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.
 
*

Над зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,
      Гэт’ пад лесам за вёскай бядачай
Песьню-музыку сумную здаля чуваці:
      Пастушок там на дудцы так плача.
 
Звоніць коскай касец, толькі водгалас льецца,
      Сам, як колас, хістаецца ў полі...
На загоне жняя над снапочкамі гнецца;
      Сонца іхнай дзівуецца долі.
 
Пастушок, і касец той, і жнейка-дзяўчына,
      Пахіліўшы маркотна галовы,
Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай
      Ім аставіў іх Лірнік вясковы.
 
*

Песьні гэтай знаём і палац мураваны,
      Што ў хмяліных бялее павоях,
На пачэсным кутку засядае жаданай –
      Мілай госьцяй ў багатых пакоях.
 
I ў засьценку шляхоцкім, што зь вёскаю блізкай
      Тую ж долю-нядолю гадуе,
Гэта песьня плыве над ліповай калыскай, –
      Гэтак маці над дзіцем бядуе.
 
З маткай рэчка і вецер па-свойму запелі,
      Зашумеў бор зялёны, сасновы,
Як бы тыя напевы яны зразумелі,
      Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.
 
*

А калі ты, гаротнік, туляч безьзямельны,
      Будзеш доляй закінут у горад, –
Ты пачуеш і там голас той непадзьдзельны,
      Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.
 
Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,
      Ноч праводзяць, усходу чакаюць,
Ці няшчаснага ўбачыш, як гнецца галодны, –
      Ты спытай – яны Лірніка знаюць.
 
Там і сіняя мгла, як настануць марозы,
      На муры сее пух брыльянтовы,
Быццам тыя праўдзівыя сьветлыя сьлёзы,
      Што калісь выліў Лірнік вясковы.
 
*

Ўсюды Лірнік сваёй чарадзейскаю лірай
      Думкі-чары, як кветкі, расьсеяў,
I ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра -
      Адгадаці малая надзея.
 
Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,
      Путы нават змарнеюць у плесьні, –
Покі ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,
      Будуць жыці і лірнікаў песьні.
 
Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за вякамі, –
      Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,
      Не забыўся ты, Лірнік вясковы.
 
[1912]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.