Шлю вам песьняй, братнім словам Здароўканьне, людзі: Не гасіце веры, што вам Жыцца лепей будзе. Вы ня зломкі, вы ня зноскі, Вы народ магучы: Ваша панства – вашы вёскі, Пан ваш – труд жывучы; Ваша слава не ў палацы, Не ў княжацкай мітры, А на роднай ніве, ў працы Карыснай, няхітрай. Вашы скарбы не ў ядвабнай Магнацкай саеце, А Ў сярмязе непавабнай, Старшай на ўсім сьвеце. Вашы рукі хоць а біты – Пясок на іх значан, Але хлеб, імі здабыты, Для ўсіх бел і смачан. Слава вашай гэткай сілы Вочы ўрагам коле, Сьведкай – сьвежыя магілы, Што сыпе няволя. Сьведкай – прадзедаў шкілеты, Курганы з кустамі, Сьведкай – песьні воклік гэты, Сьведкай – вы зь сьлязамі. Дык хай жа вас не асіле Зьверства непагоды, Распусьціце сваё крыльле, Як і ўсе народы. Рухне крыўда, праўда ўстане, Ворагаў адстраша, Будзе долі панаваньне На зямлі на нашай.
[1906–1912]
|
|