I нашто ж мне воля вольная, Залатая, расхахольная? – Цемняком пайду сьляпы я На дарожкі крыжавыя! Эх ты, доля мая, Маю волю ўжо я! I нашто школа з настаўнікам, – Добра быць і неахайнікам: Калі з кніжкі не даўчуся, – У астрозе далаўчуся. Эх ты, доля мая, Маю школу ўжо я! I нашто ж мне поля гонейкі, З дабром клеці, коні, волікі? Я магу жыць і «пашырэ» У шырокай у Сібіры. Эх ты, доля мая, Землю маю ўжо я! I нашто ж мне хата новая, Сталы, лавы ўсё дубовыя? Злыдні змогуць маю сілу, – Як пан, лягу у магілу. Эх ты, доля мая, Хату маю ўжо я!..
[1906–1912]
|
|