#I Кончыцца лета гарачае, Кончыцца воля-раздольле; Кветкамі лог не харошыцца, Збожжам ня хваліцца поле. Косы ня сьвішчуць сталёвыя У соннай траве сенажацяў, Серп на вайну ня йдзе з коласам, Песень, і тых не чуваці. Сонна адна-адзінокаю Груша стаіць над мяжою, – Лісьце скідае пажоўклае, Сыпе асеньняй нудою. Неба штодзень пахмурнейшае, Сонца штодзень на ім меней, Птушак заціхла чырыканьне, Нейкае ўкруг зьнемажэньне. Вецер заводзіць у коміне, Быццам жыцьцё сваё ганіць; Думы старыя, халодныя Сэрца пужаюць, як зданьні. Так і ўцякаў бы ад гэтага Там гэт\’! За горы, за рэкі, Каб чалавек ды мог скрыціся Ад сваёй долі навекі.
#II Сьцелюцца цэлы дзень росы, Вечны цень сьпіць на зямлі, Бледныя сонцавы косы Выглянуць рэдка калі. Здаля даносяцца шумы, Ў коміне шумы пяюць; Ціснуцца буднія думы, Сноў забыцьця не даюць. Нейкая зводная сіла З выглядам вечна старым Вабіць здалёку магілай, Крыжам міргае сваім.
#III Змоўклі лісьцястыя шэлесты, Гальлі худыя тырчаць, Мёртвыя дзе-нідзе верасты Зеленяй зводнай блішчаць. Цягнуцца дрэвы расхутаны К небу з балотных нізін, – Корань, у жвіры заплутаны, Не адпускае галін. Рогат зьвярыны пакоціцца Дзікім жаданьнем бяз слоў, – Пушча замрэ, закалоціцца, К воблакам цягнецца зноў.
#IV З гальных ліп і бяроз Лісты валяцца, Між павалаў і лоз Рассыпаюцца. Шапацяць, шалясьцяць Залацістыя, Веткі ў неба глядзяць Пусталістыя. Дачакаўшы вясны, Зноў ажыўляцца; Не паўстануць лісты, Што асыплюцца.
#V Неба поўна сівых хмараў, Сьвет палошча дождж сьцюдзёны Чорнай кучай на папары Чахнуць каўкі і вароны. Сонца ўжо ніхто ня бача, Вецер вые, завывае; Восень стогне, восень плача, Думы сумам спавівае. Ў маёй хаце у пахілай – I няцёпла, і нявідна, Выглядае, як магіла, Выглядае неяк крыўдна. I ў душы, хоць плач, як нудна, Гэтак цёмна, як і ў хаце; Ой, як нудна! Сказаць трудна... Галасіў бы, слаў пракляцьці. Галасіў бы, як галосе Вецер гэты, восень гэта, Каб аж рэха разьляглося, Гэт, на цэлае паўсьвета! Каб ляцела, не сьціхала Па шырокаму па полю, I ўсім чыста апявала Маю горкую нядолю.
#VI Дзе ты схавалася, яснае сонца, Ясныя летнія дні дзе падзеліся? – Сьцюжа гуляе па роднай старонцы, Зімнія песьні расьпеліся. Стогнуць мяцеліцы грозныя ў полі, Ціснуцца думы пра шчасьце былое, Сэрца лядзеніцца з жалю, зь нядолі – Беднае сэрца людское. Беднае, беднае... Колькі мучэньня Быт чалавечы табе пасылае!.. Ох, каб не сэрца, было бы сьлёз меней, – Шчасьліў, хто сэрца ня мае.
#VII Ў думах нявесела, Сэрца сьціскаецца; Цёмная, золкая Восень збліжаецца. Неба пакрылася Мглою, туманамі, Галкі узносяцца Па-над курганамі. Поле шырокае Пусткай абселася, Дуброва шумная Зь лісьцяў разьдзелася. Імжыць сьцюдзёністы Дождж над зямелькаю, Сьвет пакрываючы Жаласьцю нейкаю. Людзі у курныя Хаткі пакрыліся, – Радасьць мінулася, Песьні забыліся. Бабка старэнькая, Зможана мукамі, Казкі даўнейшыя Шэпча з унукамі. Віхар у коміне Жудка заносіцца, То як бы жаліцца, То ў хату просіцца. Ў думах нявесела, Сэрца сьціскаецца; Цёмная, золкая Восень збліжаецца.
[1906–1912]
|
|