РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вер!

3-му выпуску нашых матурыстаў

 
Дзень па дні адцьвітае дажджом,                             
ветраў песьнямі, сонцам асеньнім,
працай, снамі... (іх гэтулькі ўжо
мы насьнілі, як зор у начы),
а із намі – ізноўку пачын,
туманы, мігатлівыя сьцені,
і няма ні пагнацца за чым,
ні куды запраўды уцячы.
 
Ў нашых жутлых, зьлінялых часох
ты адна, моладзь, – чыстае зерне.
Для цябе для аднэй варта мо
падстаўляць пад удары плячо.
Хай з вас гэты ці гэны зьнічом
і ня ўспыхне, угнецца, заверне, –
шмат хто здолее ўсё ж расьсініць
васількамі прасьцяг каласін.
 
I таму, хоць і хочацца нам
кінуць, рынуць парою ў прадоньне
дні, парослыя ў крыўды, у зман,
у каменьне, што вечна ля ног, –
мы трываем і нат на парог
не пушчаем тугі, бо Пагоняй,
вер нам, моладзь, імкне наўздагон
наш праменны, наш сонечны кон!
Вер у гэта! Як мы, выглядай
срэбнай збруі ў сатлелых далечах.
Вер, благое сплыве, як вада,
нат ня згледзіш, куды і калі.
Вер і выкінь усё, што баліць,
увесь сум на расьсінены вецер.
Вер – хай будзе, што будзе, – а вер,
што Край Родны
ізноў аджыве!
 
1948, Міхельсдорф.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.