РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Верце!
Вам горка, што няма таго,
чаго мы столькі год чакаем,
што сьцежка нашая вузкая
усьцяж ня выб’ецца з лагоў?
Што заплылі вадой разоры
парослых лебядою ніў,
што Бог судзіў нам несьці сны
аб родным краі аж за моры?
Дарма!
              Ці ж не сьпяваюць скрозь
узімку золкія завеі?
Ці ў душы вусьціш нам ня сее
асеньні дзень, цяжкі ад сьлёз?
Ды надыходзіць расьсініць
далечы год у год прадвесьне,
зноў малачай гарыць ля весьніц,
залоцяцца й рунеюць дні...
І ніваў сонечны прасьцяг,
і пушчы, сінія ад сьценяў,
сьвяткуюць Сьвята Ўваскрасеньня.
Такі спрадвек закон жыцьця...
Чакайце ж,
                        верце,
                                      прыйдзе Ён,
Вялікі Дзень, і ў нашу хату.
Пашле і нам нарэшце сьвята
дзіўны, нязнаны Божы кон!
 
1951
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.