РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Змагар
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Матуля
Бывай‚ Матуля! Родная‚ бывай!
Твой любы сын ў далёкі едзе край.
Не захацеў ён концаў‚ Калымы‚
Савецкай катаргі‚ Сібірскае зімы.
 
Матуля родная, на сына Ты ня злуй!
Яму‚ бяздомнаму‚ за крыўды ўсе даруй!
Даруй за ўсё! За вольных дум узьвіў
І на выгнанскі шлях благаславі!
 
Як сёньня‚ Мама‚ помніш Ты той дзень:
З калыскі ў вочы я Табе глядзеў‚
Сваімі ручкамі я весела гуляў
І слова МАМА першы раз сказаў.
 
Ты так пяшчотна ў мой зірнула бок:
- Сынок мой родны! Любы галубок!
І потым міла люліла мяне‚
І песьняй роднай галасок зьвінеў.
 
Падрос я трохі‚ бегаў басанож
Ды нек нагу прабіў на йржавы нож‚
Я да цябе‚ кульгаючы‚ ішоў.
Як Ты зьбялела‚ угледзяўшы кроў!
 
- Ня плач‚ Матуля! - Супакойваў я.
- Мне не баліць больш‚ нават‚ аніяк.
Я быў маленькім хлопчыкам тагды
Й такім застаўся Табе назаўжды.
 
Ты помніш‚ Мама‚ й той Дваццаты Год‚
Калі ўзьнялася Случчына ў паход‚
Загінуў бацька ад рук палачоў‚
Сын трапіў у лапы чорных крумкачоў.
 
Як потым каля ДОПРаўскіх варот
Ня раз займала Ты там свой чарод.
Ды як Ты‚ Мама‚ плакала наўзрыд‚
Што сын гібее ў карцары сырым.
 
Ты плачаш‚ Мама‚ ведаю па мне‚
І мне ня лёгка ў далёкай чужыне.
Ці ўбачымся мы яшчэ калі?
Памерці цяжка на чужой зямлі.
 
А помніш‚ Мама‚ жудасны той дзень‚
Калі чакіст пытаўся: - Сын Твой дзе?
І не спалохаў Цябе Трыбунал‚
Павандравала ў ссылку за Урал.
 
Пакутны шлях было Тваё жыцьцё.
Сьвятою ўвойдзеш Ты ў нябыцьцё.
Тваё імя‚ як сымбаль на ўвесь сьвет‚
Нясе ў сябе любові запавет.
 
Куды ні глянь: у хату ці ў палац -
Ўва ўсіх краёх імя Тваё чуваць.
- Матуля! - З крыўдай горнецца дзіця‚
А вочкі ў сьлёзках да Цябе зіхцяць.
 
- Матуля! - Ўспомніць кожны у бядзе‚
І расплывецца роспач ад надзей.
Сьвятое імя не забыць ніяк
- Матуля! - Шэпча ранены ваяк.
 
- Матуля! - шэча ён апошні раз‚
І твар сьвятлее у сьмяротны час.
Матуля! Родна! Сэрца майго цьвет!
Твой дзень сьвяткуе цяпер увесь сьвет.
 
Я часта бачу у трывожным сьне‚
Што Ты‚ Матуля‚ плачаш аба мне‚
Што ў Тваім сэрцы тлеецца агонь -
Пабачыць сына любага свайго.
 
Ня плач‚ Матуля! Прыйдзе яшчэ час!
Пагоні сьцяг зноў аб'яднае нас;
Ў баёх крывавых расплывецца змрок;
К Табе‚ Матуля‚ вернемся здалёк.
 
Парыж - Францыя, чэрвень 1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.