Нат места ноч прыцішыла... Так гулка мой крок зьвініць у ночнай цішыні. Набраклі песьнямі за дзень пляцы й завулкі ці мо душа мая? Ліловы змрок зьвініць. Адно я не злаўлю мэлёдыю мяккую, што апляла мяне і пахне, як трава, і сьвечкі каштаноў, і сіні бэз... Такую вясновую у месьце не сарваць, ня стрэсьці з галіны мястовых пыльных клёнаў, з каменных ходзішчаў пад імі не падняць. Мо з паплавоў сюды прыйшла яна зялёных, адтуль, адкуль і я, і гэтая вясна? Зьвініць мэлёдыя... Калышуць цішу тоны, пяе ўсё аб вясьне ліловы змрок. I гукі места ў ёй, непераможнай, тонуць. Чуваць адно яе і мой упарты крок.
1950–1952
|
|